Да 80-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны: паштоўка з 1943 года

Паштоўка з 1943 года

 

    Няўмольна бяжыць час.  Вось ужо і новая трагічная дата – 80 гадоў з пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Што адбылося за гады гэтай вайны, мы ніколі не забудзем. Аб гэтай вайне сведчаць факты бязлітаснага фашысцкага генацыду ў адносінах да мірнага насельніцтва. Сярод іх прымусовы вываз працаздольных Дзятлаўскага і былога Казлоўшчынскага раёнаў Баранавіцкай вобласці ў перыяд з 29 чэрвеня  1941 года па 9 ліпеня 1944 года. Усяго ў нямецкае  рабства было вывезена з Дзятлаўскага  раёна 1256 чалавек, а з Казлоўшчынскга – 930.

    Краязнаўца і даследчык з гарадскога пасёлка Казлоўшчына  Яўген Іванавіч Горбач прынёс у Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей паштоўку, на якой быў штамп, датаваны 04.10.1943 года, з горада Шкейдзіц на тэрыторыі Германскага рэйха перыяду Другой сусветнай вайны. Картка была даслана з грамадскага рабочага лагера Нідэрландскай аўтамабільнай фірмы ДАФ гэта ж  горада. З паштовага аддзялення № 16 на Рыхтэнхофенштрасэ яе выслала наша зямлячка Ярош Марыя ў Остланд, вёску Салавічы, раён Казлоўшчынскі, вобласць Слонімская, Казлоўшчынскага бюро працы. (Гістарычная даведка: Остланд – рэйхкамісарыят, створаны 01.09.1941 года, буйнейшае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўтварэнне ў складзе нацысцкай Германіі ва Усходняй Еўропе. Тэрыторыя: Літва, Латвія, Эстонія, часткова Заходняя Беларусь. Заўвага аўт.). Паштоўка напісана лацінскімі літарамі на блытанай беларускай, рускай, польскай мовах. Вельмі хацелася прачытаць змест напісанага і прасачыць далейшы лёс аўтара паштоўкі і тых каму, яна адрасавана.

     Вырашыць гэтае пытанне дапамаглі знаўцы польскай і нямецкай мовы, якія жывуць у г. Дзятлаве, мясцовыя жыхары сучаснай вёскі Салавічы Казлоўшчынскага пасялковага савета. Вось некаторыя вытрымкі з гэтай паштовай карткі (захаваны стыль пісьма. Заўвага аўт.): “Ярош Марыя 206. Здравствуйце дарагіе радные мама, Лідзія, цёця, дзедушка. Саабшчаю, што я жыва і пака здарова. Усё па старому, толькі скучаю вельмі па вам. Што такое, чаму ад вас пісем няма ці вам няма часу адпісаць. Я ад вас палучыла 1.08. месяца пісьмо, а 10.11. пасылку, а пісьма… 27.11 не маю. Ах сястрычка міленька падумай як трудна, столькі часу прайшло, я не знаю як вы жывеце, здаровы, бо мне вельмі страшныя сны сніліся, а найбольш пра маму… Напішыце як матулька жыве, ці здарова і паклон перадаю і татульку і ўсім родным і саседзям. Цалую вас всех. Да свіданія, сястра М. Ярош. Дня 27.VI.1943”. Паштоўку атрымала ў вёсцы Салавічы малодшая  сястра Лідзія Ярош. Дарэчы, з поўным зместам гэтага пісьма магчыма пазнаёміцца ў галоўнага захавальніка фондаў Дзятлаўскага музея Ірыны Станіславаўны Якаўчык.

    Пошукавая работа па ўстанаўленні родных Марыі Ярош прывяла ў вёску Салавічы. Вось што ўспомніла Ірына Сяргееўна Лазута: “Марыя Ярош была прымусова вывезена немцамі на работу ў Германію, напэўна, у 1942 годзе. Казалі, што яна працавала на нейкім заводзе. Дома заставалася яе маці, якую звалі па-вясковаму Мальвіна. Яна лячыла людзей шэптамі і загаворамі. У Марыі была сястра Лідзія. Яшчэ да вайны яе муж прапаноўваў ёй выехаць у Англію, але яна засталася дома з маленькаю дачушкаю. Муж з Англіі не вярнуўся. Сама Марыя вярнулася з Германіі летам 1945 года і дапамагала па гаспадарцы і доглядзе за дзецьмі адной расійскай афіцэрскай сям’і. Потым яна разам з гэтай сям’ёй паехала ў Расію і больш не вярнулася. Лідзія гадавала дачку Таццяну адна. Таня затым вышла замуж і жыла ў вёсцы Броды Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці. Хутка Таццяна памерла, раптоўна памёр і зяць. Лідзія памерла і пахавана ў Пружанскім раёне.”  Ірына Лазута яшчэ дапоўніла, што на прымусовыя работы ў Германію ў гады нямецкай акупацыі былі вывезены Ярош Вольга, Макарчык Яўгенія і Макарчык Ганна, Лазута Аляксандр з жонкаю Соф’яй. У кнізе “Памяць. Дзятлаўскі раён” адзначана, што ў Германію быў вывезены Грышук Мікалай Рыгоравіч, 1923 года нараджэння, які прапаў там без звестак.

   Пошук працягваўся, і адбылася вельмі шчырая і змястоўная гутарка з сынам Лазуты Аляксандра – Іванам Аляксандравічам і яго жонкаю Надзеяй Мікалаеўнай. Яны зараз знаходзяцца на заслужаным адпачынку, усё жыццё адпрацавалі ў калгасе “Слава працы”, жывуць у вёсцы Салавічы. Іван Лазута расказаў, што бацька Аляксандр Іванавіч быў 1912 года нараджэння, а маці  Софья Міхайлаўна – з 1926 года. Яны былі вывезены ў нямецкае рабства ў 1942 годзе. Працавалі на нямецкім авіяцыйным заводзе. Там, у Германіі, у 1944 годзе ў іх нарадзілася дачка Марыя. Бацькі вярнуліся дамоў у 1945 годзе. Яны ўвесь час жылі ў роднай вёсцы і працавалі на сельскай гаспадарцы. Бацькі не стала ў 1985 годзе, а маці памерла ў 2002 годзе. Яго старэйшая сястра Марыя доўгі час жыла ў горадзе Рызе, у Латвіі. Яе таксама ўжо няма.

    Вось так змест толькі адной паштоўкі перыяду Вялікай Айчыннай вайны пазнаёміў з лёсам людзей, якія выжылі  і працягвалі стваральную працу на роднай зямлі. Аб гэтым трэба ведаць і помніць, прыкласці ўсе намаганні для таго, каб не паўтарылася падобная чалавечая трагедыя.

 

 чэрвень 2021г.                       М. Лук’янчык, краязнаўца

                     тэл. 61 981

 

819