ШЛЯХАМ АДАМА МІЦКЕВІЧА - праца ў Ковенскай гімназіі

Каўнас (у мінулым – Коўна), які налічвае сёння больш за 400 тысяч жыхароў і мае пяць вышэйшых навучальных устаноў, у пачатку мінулага стагоддзя быў маленькім па колькасці насельніцтва правінцыяльным горадам, але з багатымі традыцыямі.

Скончыўшы Віленскі ўніверсітэт у 1819 г., Міцкевіч размеркаваўся ў гэты гарадок за 160 кіламетраў ад Вільні – і там павенен быў адпрацаваць  шэсць гадоў, але адпрацаваў толькі чатыры. Жыццё Адама Міцкевіча ў Коўна было аднастайным.  "Малады спецыяліст" устае кожны дзень у чатыры раніцы, адказна рыхтуецца да заняткаў і скардзіцца на вучняў у лістах да сяброў: «...bo w klasach wyższych są głowy zupełnie żmudzkie, zresztą sami profesorowie skarżą się, iż nigdy szkół taku bogich w talentach nie mieli» (пераклад: «...таму што ў старэйшых класах ёсць галовы абсалютна жмудскія, зрэшты, самі выкладчыкі наракаюць на тое, што ніколі так мала таленавітых вучняў у школах у іх не было».

Выкладаў  паэт у старэйшых класах.  У трэцім класе чытаў лекцыі па гісторыі Ўсходу і Грэцыі, выкладаў лаціну і  польскую літаратуру разам з геаграфіяй, паэтыку. У чацвёртым класе - рымскую гісторыю, абмяркоўваў і перакладаў з вучнямі творы Авідзія, Карнэлія Непаса і Цыцэрона; выкладаў вытокі лацінскага вымаўлення і натуральныя законы жыццядзейнасці. У  пятым і шостым класах – курс лацінскай і грэцкай літаратуры, польскай гісторыі і ўводзіны ў гісторыю Расіі, чытаў лекцыі па праву.  Разам усё складала 20 гадзін у тыдзень. Некаторыя прадметы былі неабавязковымі, але Міцкевіч іх выкладаў і старанна да іх рыхтаваўся. Сябры прысылалі яму літаратуру для падрыхтоўкі да заняткаў, напрыклад, па палітычнай эканоміцы, развіццю эканомікі ў 1811-1816 гг. Праз некаторы час у жыцці маладога настаўніка адбыліся некаторыя падзеі, якія прынеслі ў яго працу расчараванне, але не паменшылі яго стараннасць і адказнасць. У Коўне жыў Міцкевіч у былым манастырскім будынку, дзе займаў адно памяшканне з пярэднім пакоем. За сваю працу ён атрымліваў 25 рублёў срэбрам у месяц, гэта значыць 300 рублёў у год.  Гэта быў невялікі заробак, але ў два разы вышэй, чым была стыпендыя. З гэтых грошай выплачваў падаткі, а таксама дапамагаў  родным. Жыў  настаўнік вельмі сціпла.

Праверкі, якія праводзілі куратары Віленскага ўніверсітэта сведчылі аб стараннасці настаўніка Адама Міцкевіча і добрых ведах яго вучняў. Міцкевіч ездзіць у Вільню не так часта, як яму хацелася.  У XIX стагоддзі дарога ў 160 кіламетраў займае два-тры дні. Жыццё ўдалечыні ад сяброў і дарагіх людзей было не вельмі яскравым, цешыла толькі творчасць….  Ён шмат піша і, як вынік, у 1822 годзе, а затым і ў 1823 годзе,  выходзяць яго два паэтычныя зборнікі. У іх увайшлі розныя вершы, балады, паэма “Гражына”, другая і чацвёртая часткі паэмы “Дзяды”.  Для сяброў – філаматаў, філарэтаў - быў напісаны верш “Ода да маладосці”, які становіцца гімнам Таварыства. А праз некаторы час паліцыя арыштоўвае яго  кіраўнікоў  - сярод іх Адам Міцкевіч.

837