Музейная экспазіцыя — старонкі гісторыі

55 год назад - 5 мая 1968 года - Дзятлаўскі музей Народнай славы ўрачыста быў адкрыты для наведвання. 

Дзятлаўскі музей быў створаны рашэннем Гродзенскага аблвыканкама № 353 ад 29 жніўня 1966 года. Музей атрымаў назву – Дзятлаўскі музей Народнай Славы. Ініцыятарамі яго арганізацыі былі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Сяргей Цярэнцьевіч Кабяк і першы сакратар райкама КПБ Іван  Вікенцьевіч Крыжаноўскі. Стваральнікам і першым дырэктарам музея быў Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч (1913-1999гг.), які працаваў у ім да 1985 года.

Музей размясціўся ў спецыяльна ўзведзеным двухпавярховым будынку агульнай плошчай 430 кв. м. Аўтарам першай і другой пастаянных экспазіцый быў дырэктар музея Міхаіл Фёдаравіч Петрыкевіч.

Першая экспазіцыя музея адкрылася для наведвання 5 мая 1968 года. Асноўнымі тэмамі экспазіцыі з’яўляліся:

  1. Падрыхтоўка і перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Першыя рэвалюцыйныя камітэты на тэрыторыі краю і ўтварэнне БССР.
  2. Дзятлаўшчына пад уладай буржуазнай Польшчы. Рэвалюцыйная і нацыянальна-вызваленчая барацьба працоўных, уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.
  3. Вялікая Айчынная вайна.
  4. Сацыялістычныя пераўтварэнні ў раёне.

Фонды музея інтэнсіўна папаўняліся, што дало магчымасць стварыць новую экспазіцыю, больш дасканалую па зместу і мастацкаму рашэнню. Адкрыццё новай экспазіцыі было прымеркавана да 40-годдзя вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і адбылося 8 ліпеня 1984 года. Асноўнымі тэмамі экспазіцыі з’яўляліся:

  1. Падрыхтоўка і перамога Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Утварэнне БССР і першыя рэвалюцыйныя камітэты на тэрыторыі раёна (1917-1920 гг.);
  2. Край пад уладай буржуазнай Польшчы. Рэвалюцыйная і нацыянальна-вызваленчая барацьба працоўных Заходняй Беларусі (1920-1939 гг);
  3. Вызваленне Заходняй Беларусі і першыя сацыялістычныя пераўтварэнні ў раёне (1939-1941 гг.);
  4. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Фашысцкі акупацыйны рэжым.
  5. Партызанскі рух у раёне.
  6. Вызваленне раёна. Аднаўленне народнай гаспадаркі.
  7. Сучасны перыяд.

Апошні экспазіцыйны зал быў пераабсталяваны ў выставачны.

 Удасканаленне і пашырэнне храналагічных рамак пастаяннай экспазіцыі адбылося ў 1997 годзе, калі быў створаны раздзел “Старажытная і сярэдневяковая гісторыя краю”. У 2003 годзе абноўлена частка залы з этнаграфічнымі матэрыяламі, аформлена пастаяннадзеючая выстава твораў народных і прафесійных майстроў – нашых землякоў. Пастаянная музейная экспазіцыя стала размяшчацца ў 7 залах і  знаёміла наведвальнікаў з гісторыяй Дзятлаўшчыны са старажытных часоў.

Першая зала расказвала пра гісторыю краю ад позняга палеаліту да канца ХІХ стагоддзя. Экспанаваліся каменныя прылады працы і зброя першабытных людзей. Сярэдневяковы перыяд быў прадстаўлены матэрыяламі археалагічных раскопак Дзятлава, партрэтамі яго ўладароў, дыярамай мястэчка, прадметамі рэлігійных канфесій. Вайна 1812 года паказана цікавай калекцыяй ваеннага рыштунку таго часу. Асобны стэнд прысвечаны вучоным-землякам: І.Дамейку, В.Дмахоўскаму, Т.Жаброўскаму.

У другой зале наведвальнікі знаёміліся з матэрыяльнай культурай жыхароў нашага краю  канца ХІХ-пачатку ХХ ст. праз сельскагаспадарчыя прылады працы, інструменты: ганчара, ткача, каваля, краўца, шаўца, а таксама цесляра, сталяра, бондара. Тут можна было ўбачыць рэчы, якімі штодзённа карысталіся людзі: посуд, адзенне, мэблю, пісьмовыя прыналежнасці і г.д.

У 2019 годзе пачалося абнаўленне музейнай экспазіцыі. Па новай канцэпцыі некалькі зменена планіроўка музейнай экспазіцыі, таму экспазіцыя, прысвечаная гісторыі края ад позняга палеаліту да канца ХІХ стагоддзя, матэрыяльнай культуры канца ХІХ-пачатку ХХ ст.,  часова  не працуе. 

Трэцяя зала прысвечана нацыянальна-вызваленчаму руху 20-30-х гадоў ХХ ст. у Заходняй Беларусі (працуе і сёння). 

Музей валодае калекцыямі , якія можна ўбачыць толькі ў музеях колішняй Заходняй Беларусі.

Тут прадстаўлены транспаранты, падпольныя выданні: газеты, лістоўкі, брашуры, якія выдаваліся КПЗБ, фота, дакументы, асабістыя рэчы членаў КПЗБ і КСМЗБ. Шырока раскрыта дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай Грамады, беларускага пасольскага клуба “Змаганне”. З Дзятлаўшчынай звязана дзейнасць С.В.Прытыцкага, В.З.Харужай, М.Танка і іншых вядомых падпольшчыкаў-рэвалюцыянераў. Багаты матэрыял раскрывае дзейнасць легальнай арганізацыі “Таварыства беларускай школы” (ТБШ). Асобны стэнд прысвечаны пісьменнікам Заходняй Беларусі – удзельнікам барацьбы за вызваленне. Завяршае экспазіцыю куток школьных прыналежнасцяў таго часу.

Экспазіцыя, прысвечаная Вялікай Айчыннай вайне і пасляваеннаму часу, займае тры залы плошчай 120 кв.м. (працуе і сёння). Тут экспануюцца фатаграфіі, дакументы, узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і партызанскага руху на Дзятлаўшчыне. Экспануюцца матэрыялы пра разгортванне падполля і злачынствы нямецка-фашысцкіх захопнікаў у раёне. Шырока раскрыта тэма вызвалення Дзятлава. Фатаграфіі, дакументы і іншыя матэрыялы экспазіцыі раскрываюць перыяд аднаўлення разбуранай вайной народнай гаспадаркі.

У апошняй зале дэманстраваліся творы мастацкай керамікі члена Саюза мастакоў Рэспублікі Беларусь М. Л. Несцярэўскага, які падараваў іх музею.

Зараз творы мастацкай керамікі М.Л.Несцярэўскага , а таксама яго карціны краявідаў Дзятлаўшчыны экспануюцца ў музейнай міні-галерэі, разам з мастацкімі творамі Івана і Юрыя Козелаў, Вікенція Ражко, землякоў-мастакоў.

Прадстаўляем вашай увазе экспазіцыю, адкрытую ў 1984 годзе...

358