Праз гады выпрабаванняў і мужнасці (1921 – 1939 гг.) (працяг)

Пад уплывам КПЗБ знаходзілася і культурна-асветная арганізацыя Таварыства беларускай школы (ТБШ), галоўная мэта якой зводзілася да разгортвання культурна-асветнай дзейнасці, да змагання за стварэнне беларускіх школ, арганізацый, бібліятэк і гурткоў самадзейнасці.

Пасля разгрому Грамады гурткі ТБШ заставаліся для КПЗБ амаль адзінай магчымасцю наладзіць сувязь з працоўнымі пры дапамозе легальных форм.

Алена Канстанцінаўна Лябецкая ўспамінала аб дзейнасці такога гуртка ў Казлоўшчыне: «Першы спектакль мы паставілі ў Казлоўшчьіне, у гумне Тарасюка. Поспех спектакля быў незвычайным. Частка грашовага збору была перададзена Міжнароднай арганізацыі дапамогі рэвалюцыянерам (МАДР), на астатнія — купілі беларускую літаратуру для арганізацыі бібліятэкі».

За час работы казлоўшчынскага гуртка яго ўдзельнікі паставілі п’есы «Паўлінка», «Лекары і лекі», «Збянтэжаны Саўка» і інш. Артысты-аматары дэкламавалі беларускія вершы, выконвалі песні, танцы. Так ішла барацьба за сваю беларускую культуру, сваю мову, бо польскі буржуазны ўрад праводзіў палітыку паланізацыі, знішчэння ўсяго беларускага. Былы міністр асветы Скульскі заяўляў, што праз дзесяць гадоў са свечкай нельга будзе знайсці ніводнага беларуса.

У фондах Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея знаходзяцца кнігі, часопісы з бібліятэкі Труханавіцкага гуртка ТБШ, якія захаваў і перадаў музею Аляксандр Канстанцінавіч Бяленка.

Вялікую страту рэвалюцыйнаму і дэмакратычнаму руху нанёс культ асобы Сталіна, рэпрэсіі. Яшчэў 1933 —1934 гг. беспадстаўна абвінавацілі некаторых былых кіраўнікоў Грамады і клуба «Змаганне». Сяродіх Iгнат Дварчанін, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Пятро Мятла, Максім Бурсевіч, Ян Бабровіч, Леапольд Родзевіч і інш. У 1936—1937 гг. былі арыштаваны і падвергнуты рэпрэсіям усе члены ЦК Кампартыі Польшчы і кіруючыя работнікі КПЗБ — Савамір Скульскі, Iосіф Лагіновіч, Станіслаў Мертэнс, Адам Славінскі, Вера Харужая і многія іншыя.

Павятовы з’езд Таварыства беларускай школы ў Навагрудку (1927 г.)

Па матэрыялах кнігі “Памяць. Дзятлаўскі раён”

260