«Жыццё даецца, каб жыццё тварыць»

11 верасня 2023 г. споўнілася бы 95 гадоў настаўніку, краязнаўцу, заснавальніку Гудзевіцкага літаратурна-краязнаўчага музея Алесю Мікалаевічу Белакозу.

11 верасня ва УК “Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей” адкрылася новая выстава «Мудры настаўнік – Алесь Белакоз!»

Алесь Мікалаевіч Белакоз нарадзіўся 11 верасня 1928 года ў в.Ляткі, што побач з Гудзевічамі (Мастоўскі раён). У 1944 г. паехаў вучыцца ў Ваўкавыскую сярэднюю школу. Закончыў яе ў 1947 г. у ліку першых 13 выпускнікоў. Працаваў настаўнікам пачатковых класаў у Гудзевічах (1948-1950). Завочна вучыўся ў Гродзенскім педагагічным інстытуце на філалагічным факультэце (1953-1959). Настаўнічаў спачатку ў Радзявіцкай сямігадовай школе (1955-1959), потым да 1991 года – у Гудзевіцкай сярэдняй школе.

Працуючы настаўнікам у Гудзевіцкай СШ, падрыхтаваў уласную методыку выкладання беларускай мовы і літаратуры. Урокі Алеся Белакоза былі своеасаблівым гімнам роднай мове і літаратуры. Яго вучні былі прызёрамі абласных, рэспубліканскіх алімпіяд, сталі кандыдатамі, дактарамі навук.

Галоўнай справай жыцця Алеся Мікалаевіча Белакоза стала заснаванне ім літаратурна-краязнаўчага музея ў 1965 годзе, які быў адкрыты ў 1968 годзе ў адным са школьных пакояў Гудзевіцкай СШ. У школьным музеі пад кіраўніцтвам А.М.Белакоза вялася вялікая краязнаўчая і збіральніцкая работа. Вынікам стала развіццё музея, напаўненне яго фондаў цікавымі і каштоўнымі экспанатамі, якія ілюструюць багатую гісторыю нашага народа, здабыткі яго культуры. У 1990 годзе музей набыў статус дзяржаўнага, бо да гэтага часу ён значна пашырыўся. З 1991 па 2004 год А.М.Белакоз працаваў дырэктарам музея.

Алесь Мікалаевіч Белакоз праводзіў вельмі цікавыя і змястоўныя экскурсіі, з вялікай любоўю распавядаў наведвальнікам музея з Славакіі, Чэхіі, Англіі, Швейцарыі, Аўстрыі пра сваю родную вёску, пра Мастоўшчыну, пра нашу беларускую культуру. І госці разумелі яго, бачылі чалавека, які ганарыцца сваімі землякамі, гісторыяй продкаў, раскрывае ім, людзям далёкага і блізкага замежжа, характар беларусаў, іх гасціннасць і годнасць.

У 1987 г. Алесю Мікалаевічу прысвоена званне заслужанага работніка культуры Беларусі, ён выдатнік народнай асветы, мае званне “Настаўнік-метадыст”, у 1990 г. уручаны медаль Францыска Скарыны, у 1998 г. ганаровы знак Міністэрства культуры.

1 снежня 2016 года, пражыўшы 88 гадоў, Алесь Мікалаевіч Белакоз памёр.

На выставе прадстаўлены фотаздымкі, дакументы, узнагароды, шматлікія інтэрв’ю і артыкулы ў газетах, кнігі ўспамінаў і аповедаў пра А.М.Белкоза. Выстава раскрывае настаўніцкую, краязнаўчую і музейную дзейнасць Алеся Мікалаевіча, а таксама распавядае пра цікавыя звесткі з асабістага жыцця.

Адкрыццё выставы прайшло ў прыемнай і па-сяброўску цёплай абстаноўцы. Мерапрыемства наведалі жонка Алеся Мікалаевіча Вера Ігнатаўна Белакоз, былыя вучні і калегі, а таксама не абмінулі ўвагай выставу цяперашнія вучні Гудзевіцкай СШ.

Выстава «Мудры настаўнік – Алесь Белакоз!» працуе да 9 кастрычніка. Наведаць яе можна ў любы дзень. ;Уваход платны.

229