Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Фогеля

Ян Янавіч Фогель - герой Вялікай Айчыннай вайны.

Герой Савецкага Саюза, гвардыі генерал-маёр Ян Янавіч Фогель нарадзіўся 24 снежня 1898 года ў сяле Дурэ Вальміёрскага раёна Латвійскай ССР.

Час быў цяжкі. Большая частка зямлі ў той час належала ў Латвіі нямецкім баронам, а беззямельныя латвійскія сяляне вымушаны былі служыць у іх батракамі. Вялікая сям’я Фогеляў ледзь зводзіла канцы з канцамі. I таму дзеці з маленства пачыналі працаваць, зарабляць на хлеб.

Маленькі Ян спачатку быў пастушком, пасля грузчыкам. Затым уладкаваўся працаваць рабочым на чыгунку.

Простага і надзвычай кемлівага юнака адразу палюбілі ўсе рабочыя-рамонтнікі. На чыгунцы ён знаёміцца з рэвалюцыянерамі, актыўна ўключаецца ў работу падпольнай мясцовай арганізацыі РСДРП. У жніўні 1914 г. становіцца членам партыі бальшавікоў.

У 1916 годзе Ян Янавіча Фогеля прызвалі ў армію. Ён, апрануўшы салдацкі шынель, трапляе ў Латышскі запасны стралковы полк, які стаяў у горадзе Вальміёра. Пасля лютаўскай рэвалюцыі Фогеля выбіраюць старшынёй салдацкага камітэта роты і членам палкавога камітэта, а таксама членам Вальміёрскага павятовага Савета.

Ян Фогель кіраваў рабочымі дэманстрацыямі і паўстаннем у Вальміёры супраць прыгнёту баронаў і кулакоў. За актыўную рэвалюцыйную дзейнасць ён пападае пад ваенна-палявы суд Паўночнага фронта. Пачалося дэталёвае следства. Толькі Вялікая Кастрычніцкая рэвалюцыя выратавала смелага бальшавіка ад смяротнага прысуду.

Пасля перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі Ян Янавіч працаваў у Цэнтральным Камітэце Камуністычнай партыі Латвіі, рэдакцыі бальшавіцкай газеты «Цыня».

Некаторы час Я. Я. Фогель знаходзіўся ў Беларусі. Служыў ваенным камісарам кавалерыйскіх палкоў і злучэнняў, у тым ліку і праслаўленай 6-й Чангарскай дывізіі, з’яўляўся членам Гомельскага акруговага камітэта КПБ, членам ЦК КПБ, дэлегатам XIV і XV з’ездаў партыі.

У хуткім часе Я. Я. Фогеля залічылі ў асобную групу Ваеннай акадэміі імя М. В. Фрунзе. Пасля заканчэння вучобы Ян Янавіч прызначаецца камісарам 38-й стралковай дывізіі, якая дыслацыравалася ў Растове-на-Доне. За самы кароткі тэрмін гэта вайсковае злучэнне выйшла ў лік перадавых, было ўзнагароджана ордэнам Леніна і перайменавана ў 9-ю Данскую стралковую дывізію. Я. Я. Фогель і яшчэ некалькі камандзіраў атрымалі ордэны Чырвонай Зоркі.

З пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ян Янавіч прызначаецца начальнікам Упраўлення ўсенавуча Прыволжскай ваеннай акругі. Ваяваў на Украіне і ў Данскіх стэпах, пазней на Курскай дузе. У 1943 г. брыгаднаму камісару прысвойваецца званне палкоўніка і ён прызначаецца камандзірам 120-й стралковай дывізіі. Гэта вайсковае злучэнне ў тэрміновым парадку накіроўваюць з Бранска ў Беларусь. Дывізія граміла ворага на Гомельшчыне і ў самым пачатку 1944 г. выйшла да Рагачова. У лютым 1944 года дывізія ўдзельнічала ў Рагачоўска-Жлобінскай аперацыі, у вызваленні Рагачова.

Камандаванне высока ацаніла баявое майстэрства і адвагу камандзіра дывізіі. Ян Янавіч быў узнагароджаны ордэнам Леніна і ўдастоены звання генерал-маёра. Стралковая дывізія атрымала назву Рагачоўская.

На досвітку 23 чэрвеня 1944 г. пачалася аперацыя «Баграціён» па вызваленню ўсёй Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ужо на другі дзень баёў байцы 120-й дывізіі прарвалі вельмі ўмацаваную абарону ворага на р. Друць. Спачатку дывізія сумесна з іншымі часцямі забяспечыла акружэнне, а затым і поўны разгром фашыстаў у так званым «Бабруйскім катле».

Далей баявы шлях дывізіі ляжаў на Гродзеншчыну. У пачатку ліпеня 1944 года дывізія Я. Я. Фогеля была ўжо ў Карэліцкім раёне. Войскі 3-яй арміі генерала А. В. Гарбатава, у склад якой уваходзіла 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія, развівалі імклівае наступленне ў кірунку Карэліч, Навагрудка, Дзятлава, Ваўкавыска. Фашысты сцягвалі ўсё новыя і новыя сілы, каб любой цаной затрымаць савецкія войскі на водных рубяжах. Такую спробу гітлераўцы ўчынілі на рэчцы Сэрвеч у Карэліцкім раёне. Але ў генерала Фогеля быў ужо дакладны план дзеянняў. Да ракі дывізія падышла ўвечары, у начным баі прарвала абарону, ноччу фарсіравала рэчку, захапіла плацдарм і замацавалася на ім. Гвардзейцы 120-й дывізіі пагналі нямецка-фашысцкіх захопнікаў на захад.

Пад камандаваннем гвардыі генерал-маёра Я. Я. Фогеля 120-я Рагачоўская Чырванасцяжная стралковая дывізія з 24 чэрвеня па 8 ліпеня 1944 г. прайшла шлях з баямі ад р. Друць да Навагрудка, вызваліўшы ад ворага больш за 250 населеных пунктаў, захапіла 2800 палонных, шмат ваеннай тэхнікі і зброі.

Генерал Ян Янавіч Фогель быў заўсёды там, дзе вырашаўся зыход бою, непасрэдна ў баявых парадках палкоў, асабістым прыкладам натхняў салдат і афіцэраў на безумоўнае выкананне атрыманага загаду. Але здарылася бяда. Раніцай 8 ліпеня 1944 года, калі ўжо сціхла страляніна, генерал Фогель са сваім ад’ютантам гвардыі старшым лейтэнантам П.А.Сагуновым на адкрытай машыне праязджаў па дарозе Карэлічы-Валеўка. І вось тут, каля вёскі Малюшычы, іх насціглі варожыя кулі. Яны былі смяротна паранены. 14 ліпеня Ян Янавіч Фогель памёр. Пахавалі яго з усімі вайсковымі ўшанаваннямі ў парку г. п. Дзятлава. Непадалёку ў брацкай магіле пахаваны і П.А.Сагуноў.

Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 10 красавіка 1945 г. Яну Янавічу Фогелю пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Дзятлаўчане свята ўшаноўваюць памяць аб Я.Я.Фогелю. Яго імем названа вуліца г.Дзятлава, у гісторыка-краязнаўчым музеі экспануюцца матэрыялы аб жыцці і дзейнасці героя Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы школ Дзятлава даглядаюць помнік, устаноўлены на магіле Я.Фогеля.

269