Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Булата

Булат Барыс Адамавіч - адзін з арганізатараў партызанскага руху на Гродзеншчыне, камандзір Ленінскай партызанскай брыгады, Герой Савецкага Саюза.

Нарадзіўся Барыс Адамавіч 27 ліпеня 1912 г. у г. Тула. Працаваў на заводах рабочым. У 1932 г. быў прызваны ў Чырвоную Армію. У 1936 г. ён скончыў 1-ю Савецкую аб’яднаную ваенную школу імя ВЦВК і стаў кадравым афіцэрам.

Вялікая Айчынная вайна застала Б.А.Булата на заходняй граніцы. Ён займаў пасаду памочніка начальніка аператыўнага аддзела штаба 31-й танкавай дывізіі. 3 першай гадзіны вайны гэтая дывізія ўступіла ў бой з ворагам, аднак хутка вымушана была адступіць. 27 чэрвеня 1941 года капітан Булат быў цяжка паранены. 3 групай байцоў ён дабраўся да бальніцы ў в. Дзярэчын Зэльвенскага раёна, дзе яму ампутавалі руку. Калі немцы захапілі Дзярэчын, яны вывезлі раненых у лагер ваеннапалонных у Слонім, а потым у Баранавічы. Адсюль палонных адпраўлялі на захад. 12 верасня 1941 г. Б.А.Булату ўдалося ўцячы з эшалона. 3 групай таварышаў ён пачаў прабірацца ў Дзярэчын, дзе паспеў пазнаёміцца з добрымі, патрыятычна настроенымі людзьмі. Хутка ён знаходзіць прытулак у селяніна в. Бердавічы, былога члена КПЗБ Міхаіла Мікалаевіча Утліка. Булат разам з гаспадаром усю зіму рыхтаваліся да партызанскай барацьбы. Яны збіралі зброю і боепрыпасы, устанавілі сувязь з другімі байцамі і афіцэрамі Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне, наладзілі разведку ў населеных пунктах, дзе былі варожыя гарнізоны.

У канцы красавіка 1942 г. Барыс Адамавіч Булат з невялікай групай байцоў пачаў актыўныя дзеянні. Яны напалі на памяшканне гміны ў в. Сянькоўшчына, забілі трох паліцэйскіх, узялі ў палон начальніка паліцэйскага ўчастка, захапілі 13 вінтовак, шмат патронаў. Так узнікла партызанская група, у якой было 27 чалавек. Камандзірам выбралі Барыса Адамавіча Булата. Аб першапачатковых дзеяннях гэтай групы даюць прадстаўленне кароткія запісы ў дзённіку Б.Булата за 1942 год:

«13 мая. Атрад папоўніўся яшчэ пяццю байцамі. 20 мая. Разбілі варожы гарнізон у мястэчку Галынка. Знішчылі дакументы, захапілі 12 вінтовак, радыёпрыёмнік, тры веласіпеды, пячаткі, штампы. 1 чэрвеня. Каля Азярніцы разабралі рэйкі, pyx цягнікоў затрымаўся на суткі. У той жа дзень правялі растлумачальную работу ў вёсцы Голі. 20 чэрвеня. У вёсцы Лыскі ў трохгадзінным баі забілі 30 фашыстаў, узялі адну аўтамашыну, дзве знішчылі...».

Пасля гэтага група Б. А. Булата вымушана была перайсці на правы бераг Шчары. Размясцілі свой лагер у Дубароўскім лесе. Тут да іх далучыліся групы У. К. Лябецкага, П. I. Булака, В. I. Пішчуліна, Г. Караля. На агульным сходзе прынялі пастанову ўтварыць аб'яднаны партызанскі атрад, камандзірам якога выбралі Барыса Булата.

Аб'яднанне партызанскіх груп, утварэнне адзінага камандавання дазволілі палепшыць агульнае кіраўніцтва, распрацоўку баявых аперацый. Прыкладам можа быць аперацыя па разгроме варожага гарнізона ў Дзярэчыне, у час якой больш 50 фашыстаў было забіта, 20 узята ў палон, захоплены багатыя трафеі.

Яшчэ больш узмацніліся ўдары партызан па ворагу, калі ў снежні 1942 г. была створана Ленінская партызанская брыгада, камандзірам якой быў назначаны Фёдар Сінічкін, а начальнікам штаба — Барыс Булат. Брыгадзе давялося прайсці праз вялікія выпрабаванні ў час першай блакады Ліпічанскай пушчы ў снежні 1942 г.

З успамінаў Барыса Адамавіча:

“У вёсцы Руда Яворская нам удалося разграміць вялікі фашысцкі гарнізон і знішчыць 97 гітлераўцаў, захапіць шмат боепрыпасаў. Блакада Ліпічанскай пушчы, дзе змагалася наша брыгада, паказала, што немцы, нават танкамі, артылерыяй і самалётамі былі не ў сілах пакончыць з намі. Наадварот, іх 35-тысячнае злучэнне панесла ад 2 тысяч партызан вялізарныя страты”.

Умелым, вопытным камандзірам і смелым воінам паказаў сябе Б. А. Булат у адной з найбольш вялікіх аперацый брыгады — разгроме варожага гарнізона ў райцэнтры Жалудок у маі 1943 г. Тут ён быў паранены трэці раз. Ледзь паспеў паправіцца, як яго назначылі камандзірам Ленінскай партызанскай брыгады.

Восенню 1943 г. Барыса Адамавіча Булата адазвалі ў абком партыі і прызначылі начальнікам аператыўнага аддзела абласнога партызанскага цэнтра. Аднак не па душы была Барысу Адамавічу штабная работа, ён ірваўся ў бой. Гэта заўважылі і даручылі яму аб’яднаць у адну брыгаду некалькі разрозненых атрадаў, якія дзейнічалі на заходняй ускраіне Налібоцкай пушчы. Заданне ён паспяхова выканаў.

У пачатку чэрвеня 1944 г. праз абком партыі Барыс Булат атрымаў выклік у Маскву. 9 чэрвеня самалёт з партызанскага аэрадрома з Барысам Адамавічам і параненымі партызанамі ўзняўся ў неба і перасек лінію фронту. У партызанскі край Барыс Булат больш ужо не вярнуўся. А хутка беларуская зямля была вызвалена ад немцаў.

У ліпені 1944 г. Б.А. Булат вярнуўся ў Мінск. 15 жніўня 1944 г. яму было присвоена высокае звание Героя Савецкага Саюза. Пасля вайны ён скончыў Вышэйшую школу харчовай прамысловасці, працаваў на розных пасадах у савецкіх і гаспадарчых установах. Памёр Барыс Адамавіч Булат 27 сакавіка 1984 г.

Яго імя занесена ў Кнігу славы Дзятлаўскага раёна.

296