Вуліцы горада, названыя імёнамі герояў. Горад Дзятлава. Вуліца Біцько

Баявы, рашучы, смелы — такім зналі Валянціна Сцяпанавіча Біцько яго таварышы па барацьбе.

Валянцін Сцяпанавіч Біцько нарадзіўся 2 мая 1919 г. у вёсцы Вялікая Салтанаўка Васількоўскага раёна Кіеўскай вобласці УССР. Працоўную біяграфію пачаў у 1938 годзе пасля заканчэння Кіеўскага воднага тэхнікума. У 1939 годзе Валянцін Сцяпанавіч быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі і залічаны курсантам Астраханскага стралкова-кулямётнага вучылішча, якое закончыў у 1941 г.

Вялікую Айчынную вайну В.С.Біцько сустрэў камандзірам узвода ў г.Дзвінску Літоўскай ССР. Часць, у якой служыў Валянцін Сцяпанавіч, уступіла ў бой з дэсантам гітлераўцаў. Валянцін Біцько быў цяжка паранены, трапіў у палон, але ўцёк. Уцякаючы з лагера ваеннапалонных, ён дабіраецца да вёскі Вензавец. У дарозе ў Валянціна Сцяпанавіча адкрыліся раны і сяляне в. Вензавец, Антон Белавус і Алёна Губар, далі прытулак раненаму салдату. Праз іх В. С. Біцько пазнаёміўся з савецкімі актывістамі, а тыя дапамаглі яму звязацца з Мікалаем Вахоніным, Васілём Кавязіным і іншымі былымі ваеннаслужачымі, акружэнцамі, якія жылі ў суседніх вёсках.

Мікалай Рыгоравіч Вахонін прапанаваў Валянціну Біцько застацца ў тыле ворага і стварыць партызанскі атрад. Так, з красавіка 1942 г. Валянцін Сцяпанавіч уключыўся ў барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў радах партызан. Ён камандаваў партызанскай групай, ротай. Стаў адным з арганізатараў партызанскага атрада «Арлянскі», які дзейнічаў на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна, потым ён — начальнік штаба ў атрадах «Барацьба», «Перамога». 3 ліпеня 1943 г. В. С. Біцько — камандзір Ленінскага партызанскага атрада Ленінскай партызанскай брыгады. Баявы, рашучы, смелы — такім зналі Валянціна Сцяпанавіча Біцько яго таварышы па барацьбе. Пад камандаваннем Біцько Ленінскі атрад пусціў пад адхон 22 эшалоны, вывеў са строю 23 паравозы, 118 вагонаў, 51 бензацыстэрну, 2 чыгуначныя масты, парэзаў 10 км тэлефоннай сувязі, узарваў 35 аўтамашын, разграміў нямецка-фашысцкія гарнізоны ў Рудзе Яварскай, Жалудку і іншых месцах, узяў у палон шмат нямецкіх салдат.

Пасля вайны В.С.Біцько працаваў старшынёй выканкома Дзятлаўскага райсавета народных дэпутатаў, загадчыкам аддзела Дзятлаўскага РК КПБ, дырэктарам ільнозавода, дырэктарам камбіната камунальнай гаспадаркі.

Радзіма высока ацаніла баявыя і працоўныя заслугі В.С.Біцько. Ён быў узнагароджаны ордэнам баявога “Чырвонага сцяга”, шматлікімі медалямі, граматамі.

Памёр Валянцін Сцяпанавіч Біцько 14 красавіка 1981 г.

З успамінаў В. С. Біцько: “У верасні 1942 года ў раёне Казлоўшчыны гітлераўцы ўступілі ў бой з партызанамі. Ворагі кідалі ўсё новыя і новыя падмацаванні, але кожны раз неслі страты ў жывой сіле і тэхніцы. Жадаючы акружыць партызан, гітлераўцы папрасілі ў свайго камандавання падмацавання. Каб перашкодзіць гэтаму, партызанскаму атраду, які я ўзначальваў, было даручана ўзарваць чыгуначнае палатно. Ноччу, нягледзячы на ўзмоцненую ахову, партызаны паклалі пад рэйкі супрацьтанкавыя міны. Неўзабаве паказаўся нямецкі эшалон. Яшчэ некалькі імгненняў, і раздаўся магутны ўзрыў. Эшалон паляцеў пад адхон. Чыгунка была выведзена са строю. Немцы не атрымалі падмацавання і адступілі.

У вёсцы Руда-Яварская ўмацаваўся нямецкі гарнізон.

- Не месца тут фашыстам! – вырашыла камандаванне партызанскай брыгады, якая дыслацыравалася ў тутэйшых лясах. На варожы гарнізон напалі народныя мсціўцы. Бой пачалі на світанні. Фашысты адкрылі хаатычны жорсткі агонь. Міны клаліся ў лесе, не прычыняючы шкоды партызанам, якія блізка падпаўзалі да галоўнага будынка камендатуры. Падрыўная група закладала гранатамі вокны дома і амбразуры дзотаў. Праз некалькі секунд пасля ўзрыву гранат партызаны аказаліся ў будынку. Пачулася некалькі аўтаматных чэргаў і ўзрыў гранат. Пасля ўсё заціхла. Толькі раз-пораз чуліся галасы партызан. Яны абяззбройвалі фашыстаў. У выніку праведзенай аперацыі партызаны ўзялі ў палон 55 фашыстаў, 43- паранілі і 27 –забілі”.

Імем Валянціна Сцяпанавіча Біцько названа адна з вуліц нашага горада. Яго імя занесена ў Кнігу Славы Дзятлаўскага раёна.

310