Філатэлістычная выстава "Адам Міцкевіч і Ігнат Дамейка – слаўныя сыны Навагрудскай зямлі"

Рады падзяліцца добрымі навінамі: наш праект "Выставачная зала для "сталічнага" музея", размешчаны на платформе Talaka.by (https://www.talaka.org/projects/1579/overview), паслужыў сапраўдным штуршком для развіцця Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея і дазволіў наладзіць сувязі з цікавымі асобамі.

Так дзякуючы Гары Крыгелю, грамадзяніну ЗША, паўстала ідэя арганізацыі выставы марак, канвертаў, паштовак, прысвечаных Адаму Міцкевічу і Ігнату Дамейцы. Выстава прымеркавана да 220-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча.

Ад ідэі да рэалізацыі прайшло каля 7 месяцаў, бо экспанаты прыйшлося шукаць і набываць літаральна па ўсім свеце. Да нас прыходзілі канверты з ЗША, Польшчы, Літвы, Германіі, Сербіі, Балгарыі, Нідэрландаў і інш. Дарэчы ў бліжэйшы час чакаем паштоўку з Южнай Карэі.

Па Адаму Міцкевічу нам удалося сабраць 37 марак, 13 серый марак (маркі, аб'яднаныя адной тэматыкай), 7 паштовак, 11 канвертаў, 1 блок (марка на невялікім, мастацка аформленым лісце), 1 буклет філатэлістычнай выставы, 2 укладышы да буклета. Выпушчаны ў Польшчы, Срэдзіннай Літве, Літве, Беларусі, Чэхаславакіі, Балгарыі, Румыніі, СССР, ЗША.

Па Ігнату Дамейцы: 7 марак, 1 серыя марак, 1 канвер, 2 блокі. Выпушчаны ў Беларусі, Польшчы, Чылі, Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы, на Каморскіх астравах.

Выстава папаўняецца і ў бліжэйшы час з'явяцца новыя экспанаты.

На дадзены момант наша выстава -- гэта найбольш поўны на тэрыторыі Беларусі збор марак аб Адаме Міцкевічы і Ігнаце Дамейцы!!!!!

Усе таямніцы стварэння выставы, таямніцы экспанатаў запрашаем даведацца, завітаўшы ў нашу ўтульную выставачную залу!!!!

Яшчэ раз выказваем шчырыя словы падзякі ўсім, хто падтрымлівае нашу нялёгкую справу!!!

454