Натхненне пераходзячы жыве


Натхненне пераходзячы жыве

Мастакоў часта называюць дзівакамі, людзьмі з іншага вымярэння. Магчыма, гэта так і ёсць. Яны ж узмахам пэндзля перетвараюць прыгажосць свету ў вечнасць. Так, так, менавіта ў вечнасць. На сваіх палотнах, якім жыць вечна, у сваіх сэрцах, якія гараць, нібы зоркі ўначы, працай рук віртуоза, майстра, адоранага Богам для служэння той самай прыгажосці, што ўратуе свет.

“Жывапіс – гэта маўклівая паэзія, а паэзія – жывапіс, які гучыць”, – так сказаў  даўным-даўно старажытнагрэчаскі паэт Сіманід Кеоскі. З ім цяжка не пагадзіцца. Напэўна, гэта адчуванне і зблізіла мяне з мастачкай Жаннай Лукашэняй, выкладчыцай Дзятлаўскай школы мастацтваў. Калі ў 2020 годзе пачалася пандэмія, музей перайшоў на віртуальныя зносіны з наведвальнікамі, мы арганізавалі віртуальную ночь музея. Сярод мерапрыемстваў была выстава мастачкі “Жанна Лукашэня: рамантык, летуценніца, фантазёрка”. Захапіўшыся яе работамі, напісала да кожнай верш, аформіла мультымедыапрэзентацыю, а потым зрабіла ролік, які размясціла на ютубе. Работа паступова ператварылася яшчэ і ў каталог, які можна ў любы момант выдаць.

Што ж так прывабіла, натхніла? Адным словам і не адкажаш. Хутчэй за ўсё, адкрытасць Жанны Вячаславаўны, яе дабрыня, жаночая лагоднасць, уменне стаць блізкім, сваім чалавекам. Кажуць жа, што родныя па духу людзі адчуваюць адзін аднаго з першага знаёмства. Відаць, так і выйшла. Натхнёная творчасцю мастачка натхніла мяне на паэзію. Ды і натхніцца было чым: такую разнастайнасць тэхнік, фарбаў, сюжэтаў убачыш не ў кожнага мастака.

Жанне Вячаславаўне падабаецца эксперыментаваць з тэхнікай малявання, выкарыстоўваць нетрадыцыйныя тэхнікі: напырск, монатыпія, флоратыпія, гратаж, кляксаграфія. Любіць філіграннасць,  скрупулёзную прамалёўку дробных дэталяў. Часам здзіўляешся, колькі трэба цярпення і бяссонных начэй на тую ці іншую работу. Менавіта бяссонных начэй, бо ў Жанны маленькі сынок Максімка, які патрабуе штохвіліннай увагі і клопату. Яго, свайго любага сыночка, яна таксама вучыць маляваць, таму што заўважыла здольнасці і хоча даць дзіцяці магчымасць развіць іх. А калі ўсё засынаюць і ў кватэры цішыня і спакой, тады ўжо можна тварыць, фантазіраваць, летуценіць.

Жанна захапляецца таксама модульным арыгамі, вышыўкай, роспісам камянёў. Творча падыходзіць і да партрэтаў сваіх гераінь, уплятаючы кветкі і расліны ў іх валасы.  Малюе алеем, алоўкамі каляровымі і простымі, акварэльнымі фарбамі, мялкамі.

Жанна Лукашэня нарадзілася не ў Дзятлаве, яна выйшла сюды замуж, але палюбіла Дзятлаўшчыну, стала сваім, родным чалавекам. Тут, у Казлоўшчыне, жыла яе бабуля, якая віртуозна вышывала, ткала посцілкі. Дзясяткі яе вучняў раз’ехаліся па свеце, але не забыліся пра навык, які перадала ім настаўніца. Многія пішуць ёй, прыходзяць у госці, дзеляцца сваімі творчымі набыткамі. І гэта шчасце, калі тваё натхненне перадаецца іншым, раскрывае ў іх здольнасці, душэўныя парывы.

Сама мастачка таксама мае чалавека, які натхняе яе ўсё жыццё. Гэты чалавек – маці. Менавіта дзякуючы ёй, таленавітай мастачцы, яркай творчай асобе, дачка працягнула дынастыю мастакоў і спадзяецца, што творчая нітачка не абарвецца. Цікавасць да малявання Жанна праявіла ў раннім дзяцінстве. Яна была ў пачатковых класах, калі папрасіла ў мамы алейныя фарбы і намалявала  сваю першую работу “Пара фламінга на заходзе сонца”. Любіла маляваць матылькоў, рыбак, кветкі, невялічкія куточкі прыроды. Малюе іх да сённяшняга дня, нібы вяртаецца ў далёкае дзяцінства, у мары малой дзяўчынкі, перад якой адкрыты ўсе дарогі. Нават некаторыя свае будучыя работы бачыць у сне.

І калі паўстала пытанне пра выбар жыццёвага шляху, Жанна Вячаславаўна, не задумваючыся, выбрала мастацка-графічны факультэт Віцебскага педагагічнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. У час вучобы актыўна ўдзельнічала ў гарадскіх мастацкіх выставах. Ды і ў нашым музеі дзятлаўчане два гады таму маглі палюбавацца работамі мастачкі на выставе “Мастакі роднай зямлі”, якую ўпрыгожвалі работы дванаццаці землякоў.

Зараз у музеі працуе персанальная выстава Жанны Лукашэні “Рамантыка летуценнасці”, на якой прадстаўлена больш за 30 работ. Усе яны розныя як па палітры фарбаў, так і па настроі, жанры. Ёсць рэалістычныя, якія з фатаграфічнай дакладнасцю перадаюць прыроду, але ёсць і фантазійныя, незямныя, што спусціліся з іншага сусвету павуцінкай, ці кляновым лістом, ці крохкім снежным крышталікам. Варта наведаць выставу, угледзецца ў работы мастачкі, каб хоць на адно імгненне зліцца з ёй душой, стаць больш светлым, шчырым, аптымістычным.

Жанна Лукашэня – шчаслівая маці і жонка. Яе лепшы сябра і дарадчык – муж Дзмітрый, які заўсёды зразумее і падтрымае. А яшчэ дачка Дар’я, студэнтка эканамічнага факультэта Палескага ўніверсітэта. Дар’я, як і брацік Максім, таксама малюе. А мы будзем спадзявацца, што ў хуткім часе станем наведвальнікамі выставы сям’і Лукашэняў, бо, як аказалася, талент перадаецца не праз пакаленне, як прынята лічыць, а калена ў калена.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея

49