«Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць»


"Нельга забыць, нельга зразумець, нельга апраўдаць"

29 красавіка ў Дзятлаўскім краязнаўчым музеі плануецца адкрыццё выставы пад такой назвай. Выстава будзе прысвечана тэме генацыду на Дзятлаўшчыне - спаленым вёскам і знішчэнню яўрэйскага насельніцтва нашага гарадка. 30 красавіка спаўняецца 80 гадоў з дня першай "акцыі", якую правялі нацысты ў Курпешскім лесе. Пра гета ў Дзятлаве быў змешчаны артыкул у лютым гэтага года. Сёння размова пойдзе пра спаленыя вёскі.

Сёстры Хатыні: 80 гадоў з дня трагедыі спаленых вёсак Дзятлаўшчыны

Колькі б ні мінула часу, боль страт не сціхае, факты жудасных ваенных гадоў не забываюцца. 2022 нагадаў нам яшчэ раз пра страшную трагедыю, якая адбылася напрыканцы 1942 года – пачатку 1943 гадоў у вёсках Ліпічанскай пушчы: іх разам з жыхарамі нацысты і іх памагатыя спалілі жывымі. Дзяцей, старых, жанчын…

На Дзятлаўшчыне ў гады Вялікай Айчыннай вайны адбылася не адна трагедыя – Халакост, шматлікія факты смерці дзяцей, якія атрымалі назву “Дзеці ліхалецця”, спаленыя вёскі. Паводле акта Дзятлаўскай раённай камісіі ад 1 красавіка 1945 года, на тэрыторыі раёна ў выніку дзеянняў нямецка-фашысцкіх акупантаў і іх прыслужнікаў загінула 4 716 чалавек, у нямецкае рабства трапіла 1 256 чалавек. Акт камісіі па Казлоўшчынскім раёне ад 27 сакавіка 1945 года сведчыць, што знішчана 1 582 чалавекі і 1 037 вывезена ў Нямеччыну.

Згодна з рашэннем Дзятлаўскага выканкама № 88 ад 5 чэрвеня 1969 года, падлічана, што загінула 8 067 чалавек, з якіх 3 608 жанчын і 1 478 дзяцей, знішчана 19 населеных пунктаў, з іх 6 поўнасцю і 13 часткова, усяго 1 196 двароў.

Рашэнне Дзятлаўскага выканкама № 58 ад 31 сакавіка 1970 года, сведчыць, што было спалена, расстраляна, павешана, па-зверску закатавана і вывезена на катаржныя работы ў Германію 5 633 чалавекі, у тым ліку 2 158 жанчын і 1 228 дзяцей. Гэтыя лічбы дало расследаванне апошніх месяцаў, праведзенае раённай пракуратурай.

Паводле кнігі “Памяць” на тэрыторыі раёна знішчана 23 населеныя пункты, з якіх 7 поўнасцю (Ліпічанская Пушча, Дубраўка, Гарадкі, Трахімавічы, Вялікая Воля, Малая Воля, Дубароўшчына) і 16 часткова.

Сёння нагадаем пра кожную з іх.

Вёска Вялікая Воля

Кніга “Памяць. Дзятлаўскі раён” сведчыць: напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны вёска налічвала 104 двары і 430 жыхароў. Знішчана 104 двары, расстраляна 364 чалавекі, 8 чалавек вывезены ў фашысцкае рабства, 4 – вярнуліся.

Паводле пашпарта воінскага пахавання № 5959 у вёсцы Вялікая Воля Парэцкага сельсавета ўстаноўлены помнік – скульптура жанчыны з падлеткам на пастаменце. Колькасць загінулых – 364, дата гібелі – 14 снежня 1942 года. Але праведзеныя пракуратурай мерапрыемствы паказалі, што інфармацыя патрабуе ўдакладнення.

Зборнік дакументаў “Знішчыць як мага болей…”. Латвійскія калабарацыянісцкія фарміраванні на тэрыторыі Беларусі, 1941-1944 гг. Канстатуе такі факт: згодна з аператыўным загадам начальніка СС і паліцыі Беларусі Готберга аб правядзенні аперацыі “Гамбург” у снежні 1942 года была праведзена карная аперацыя па знішчэнні партызанскіх легераў у лясных масівах Ліпічанскай пушчы і дамах Вялікай Волі, удзел у якой прымалі літоўскія, украінскія, латвійскія батальёны.

Факт расстрэлу пацвярджаюць і матэрыялы архіўнай крымінальнай справы УКДБ па Гродзенскай вобласці на Пашукевіча, які служыў паліцэйскім у камендатуры гарадского пасёлка Казлоўшчына.

Устаноўлены таксама і сведкі. Адна з іх, па прозвішчы Маскаль, расказала, што вялікавольцы былі знішчаны за сувязь з партызанамі, узгадала, што да вайны ў вёсцы жыла заможная сям’я Жылінскіх. На пачатку вайны партызаны забілі трох яе членаў: маці, бацьку, дзіця. Іх старэйшы сын служыў паліцаем, па некаторых звестках, у Мінску, прыязджаў на малую радзіму, сказаў вяскоўцам: “За траіх будзе забіта трыста”. Пры расстрэле яго бачылі сярод удзельнікаў карнай аперацыі. Аналагічныя паказанні далі сведкі Баклага і Сукач.

Вёска Дубраўка

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны вёска налічвала 62 двары і 279 жыхароў. Знішчана 54 двары і 96 чалавек, 18 вывезены ў фашысцкае рабства, 16 вярнуліся, загінула на фронце 3 чалавекі, у партызанскіх атрадах і падполлі – 4.

Паводле акта Накрышскага сельвыканкама ад 29 снежня 1943 года, 30 жніўня 1942 года 8-м карным атрадам з удзелам мясцовай паліцыі і ўкраінцаў строем расстраляна 28 вяскоўцаў, спалена 10, астатніх расстралялі ў дамах, ямах, склепах, спалена 47 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. У выніку забіта 98, вывезена ў Германію 22 чалавекі. Удзел у зладзействах прымала паліцыя з мястэчка Жалудок, у прыватнасці жыхары вёскі Яселевічы Цыбульскі і Кавалеўскі. Па звестках архіўных дакументаў і кнігі “Памяць” устаноўлены пайменны спіс расстраляных 100 чалавек.

Са сведчанняз Дораша стала вядома, што яго бацьку Аляксандру Жагелю на пачатку вайны споўнілася 14 гадоў, ён быў партызанскім сувязным, дастаўляў з Жалудоцкай бальніцы ў атрад лекі і бінты. У дзень знішчэння жыхароў Дубраўкі з бацькамі і дзвюма сёстрамі хаваўся ў бульбяной яме. Паліцэйскі, які праходзіў міма, кінуў у яму гранату, бацька яе выкінуў. Тады паліцай кінуў яшчэ адну, якая ўзарвалася пры ўваходзе. Бацька быў паранены, маці загінула, сястры Марыі выбіла вока, сястра Зіна не пацярпела.

Сведка Заянчкоўскі расказаў, што жыў з сям’ёй на хутары паблізу Дубраўкі, падрабязнасці трагедыі даведаўся ад маці, бо самому было ўсяго 4 гады.

З паказанняў сведкаў і архіўных дакументаў вынікае, што вяскоўцаў знішчылі за сувязь з партызанамі.

Вёска Трахімавічы

Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы было 23 двары і 165 жыхароў. Знішчана 22 двары і 47 чалавек.

Больш дакладная інфармацыя прыведзена ў рашэнні выканкама Падвялікаўскага сельскага Савета дэпутатаў Дзятлаўскага раёна ад 4 сакавіка 1970 года “Аб зацвярджэнні спісаў грамадзян і населеных пунктаў, знішчаных гітлераўскімі захопнікамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны”, дзе пайменна пералічаны дадзеныя 173 жыхароў Трахімавічаў, сярод якіх 157 – расстраляны, 15 выжылі, адзін – былы франтавік.

У кнізе “Памяць” змешчаны ўспаміны Трахімовіч, з якіх вынікае, што 13 снежня 1942 года ў вёсцы Трахімавічы паміж партызанамі і нямецкімі салдатамі завязаўся бой, у час якога страты панеслі абодва бакі, таму немцы вырашылі, што вёска “партызанская” і знішчылі жыхароў.

Сведка Лупач узгадаў успаміны трох вяскоўцаў, якія выжылі. Паводле гэтых успамінаў, у снежні 1942 года партызаны зрабілі засаду каля Трахімавічаў і паранілі нямецкага салдата. Захопнікі наладзілі аблаву, сагналі ў хлеў мясцовых жыхароў, але туды ўсе не змясціліся. Тады карнікі пагналі людзей на возера каля вёскі і расстралялі з кулямёта, затым закідалі гранатамі. Пахаваць забітых у брацкай магіле прымусілі жыхароў Скрундзёў. У вёсцы Трахімавічы ўстаноўлены помнік (бронзавыя фігуры мужчыны і жанчыны на пастаменце). На помніку ўказана колькасць загінулых – 160 і дата акцыі – 13 снежня 1942 года.

Вёска Гарадкі

Трагедыя адбылася 13,16 снежня 1943 года; знішчана 48 двароў, загінула 367 чалавек.

З успамінаў Ядвігі Іванаўны Гародка з вёскі Гарадкі:

– 16 снежня 1942 года,у вёску Гарадкі наляцелі карнікі. Солтысу Юзафу Лагуціку загадалі сабраць разам усіх жыхароў вёскі ў вызначанае месцана поплаў, як быццам для праверкі дакументаў. Па настроі карнікаў, якія былі ўзбуджаны і рыхтавалі кулямёты, сяляне адчулі нядобрае, сталі разбягацца. Аднак іх пачалі ўгаворваць, што нічога з імі рабіць не будуць. Людзі вярнуліся ў вызначанае месца. Карнікі загадалі тады ўсім выстраіцца і ўзяць на рукі дзяцей. Першага застрэлілі солтыса Юзафа Лагуціка. Пасля гэтага карнікі з кулямётаў і аўтаматаў пачалі расстрэльваць безабаронных жыхароў вёскі. Цяжка і жудасна было ад крыкаў, плачу, праклёнаў у адрас немцаў. Праз некалькі хвілін усё абарвалася, сціхла, толькі чуліся перадсмяротныя стогны паміраючых. Я ляжала каля трупаў, яшчэ была пры памяці, фашыст схапіў мяне за каўнер, перавярнуў і на мне забіў майго сыночка, куля трапіла і ў мяне.

Калі немцы паехалі, нейкая жанчына сказала: “Людзі! Хто жывы, вылазьце”. З цяжкасцю паднялася. Яшчэ са мной выпаўзлі двое дзетак. Гэта Лёля Гародка і Гена Ерамейчык. І ў зімнюю сцюжу мы падаліся куды вочы глядзелі. Спачатку спыніліся на адным хутары, затым дабраліся да вёскі Салавічы. Так засталіся жывымі. Аб тым кашмары напамінае фашысцкая куля, якая сядзіць у маім целе.

А праз тры дні ў суботу, 19 снежня, карнікі прыгналі людзей з навакольных вёсак, якія выкапалі вялікую магілу і захавалі 367 аднавяскоўцаў, у тым ліку маіх траіх дзяцей і мужа”.

Вёска Малая Воля

Трагедыя адбылася ў сакавіку 1943 года; знішчана 58 двароў, загінула 28 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Вёска Дубароўшчына.

Трагедыя адбылася ў снежні 1942 года; знішчана 23 двары, загінулі 37 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

Вёска Пушча Ліпічанская

Трагедыя адбылася 14 снежня 1942 года; знішчана 106 двароў, загінула 109 чалавек; пасля вайны вёска адноўлена.

На жаль, пра трагедыю трох апошніх вёсак сведчанняў няма. Магчыма, яшчэ знойдуцца ў архівах дакументы пра тое, што адбылося ў гэтых населеных пунктах у канцы 1942-пачатку 1943 гадоў. Аднак лічбы гавораць самі за сябе, а за гэтымі лічбамі і фактамі – лёсы нашых землякоў, іх мары і спадзяванні, іх любоў і вера, іх будучыня, якой не суджана было наступіць.

Сёстры Хатыні – так можна назваць спаленыя вёскі Дзятлаўшчыны. Такіх вёсак дзясяткі на нашай зямлі. Мы помнім пра іх лёс.

Алена Абрамчык, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага краязнаўчага музея

213